Няхай мама зразумее

Сучасная мадэль псіхолага-педагагічнага партнёрства з бацькамі выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра — гэта працэс міжасобаснага ўзаемадзеяння, вынікам якога з’яўляецца фарміраванне ў бацькоў усвядомленых поглядаў і ўстановак на выхаванне дзіцяці, аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін. Пад партнёрствам маецца на ўвазе ўзаемавыгаднае, добраахвотнае, канструктыўнае ўзаемадзеянне, агульныя мэты і каштоўнасці.

Лічу, што эфектыўнасць работы СПЦ залежыць шмат у чым ад канструктыўнага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення паміж персаналам цэнтра і бацькамі. Работа нашага педагагічнага калектыву характарызуецца цэласнасцю, накіравана на аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін і прадугледжвае ўзаемасувязь усіх удзельнікаў выхаваўча-адукацыйнага працэсу ў розных відах дзейнасці.

Асаблівая роля пры любой форме ўзаемадзеяння адводзіцца інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці: збору, апрацоўцы і выкарыстанню даных пра сям’ю кожнага выхаванца. Такая работа праводзіцца пры дапамозе анкетавання, тэсціравання бацькоў і педагогаў, правядзення сумесных заняткаў бацькоў і дзяцей, сямейных саветаў.

Дзейнасць сямейнага савета накіравана на арганізацыю і правядзенне сеткавых сустрэч з бацькамі і сваякамі з мэтай ліквідацыі праблем, пошуку выйсця са складаных сітуацый. Праводзіцца прафілактыка-асветніцкая работа: распрацоўваюцца буклеты, памяткі і іншыя інфармацыйныя матэрыялы для бацькоў.

Наяўнасць у інтэрнэце сайта СПЦ дае бацькам магчымасць аператыўна атрымліваць інфармацыю пра жыццё дзiцяцi ў цэнтры.

Акрамя таго, бацькi могуць звярнуцца на тэлефон даверу, і спецыялісты цэнтра акажуць кваліфікаваную ананімную дапамогу ў вырашэнні праблем.

Часта бацькі саромеюцца першапачаткова звярнуцца да псіхолага і спецыялістаў цэнтра. Каб дапамагчы ў гэтым, мы выкарыстоўваем такую форму работы, як узаемныя пісьмовыя зносіны “Пытанне спецыялістам СПЦ — адказ спецыялістаў СПЦ”. Такім чынам працуе наша скрыня даверу.

Мерапрыемствы па павышэнні псіхолага-педагагічнай і прававой культуры бацькоў праходзяць у выглядзе бацькоўскіх сходаў, круглых сталоў, прэзентацый, індывідуальных кансультацый.

Формай умацавання псіхолага-педагагічнага партнёрства з’яўляюцца таксама дні свабодных зносін, або дні наведванняў, калі выхаванцы прытулку могуць пагутарыць з бацькамі ў нефармальнай абстаноўцы, а бацькі — атрымаць у педагогаў кансультацыі па ўсіх пытаннях, якія цікавяць.

Важная роля адводзіцца забаўляльным формам работы. Яны ўсталёўваюць цёплыя, нязмушаныя зносіны паміж педагогамі, бацькамі і дзецьмі. Гэта сумесныя святы: “Нашы таты лепей за ўсіх”, “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”, “Усе мамы, у госці да нас!”, “Дзяцінства — шчаслівая пара”, “Калядныя сустрэчы” і г.д.

У сацыяльна-педагагічным цэнтры праходзіць шмат свят, у тым ліку Міжнародны жаночы дзень — 8 Сакавіка, а таксама іншыя ўрачыстасці, якія тычацца сям’і і дзяцей. У такія дні нашы выхаванцы з асаблівым пачуццём чакаюць у госці сваіх матуль і бабуль, рыхтуюць для іх канцэрт, забавы, сувеніры. Але, напэўна, самым кранальным з’яўляецца момант, калі матулi разглядаюць малюнкі сваіх дзяцей на выставе пад назвай “Няхай мама ўбачыць, няхай мама зразумее…”. У гэтыя малюнкі выхаванцы ўкладаюць свае мары, надзеі, любоў. Яны малююць прыгожых мам і вераць, што, убачыўшы гэтыя работы, блізкія людзі абавязкова забяруць іх дадому, у сям’ю без гвалту, хлусні, п’янства, у сям’ю, дзе клапоцяцца пра дзяцей, дзе іх любяць, дзе цёпла і ўтульна.

Да глыбіні душы кранула сваім малюнкам Соня, якая знаходзіцца ў цэнтры з маленькай сястрычкай Дамінікай. Дзяўчынка намалявала сваю маму і падпісала малюнак “Чараўніца”, а яшчэ яна папрасіла дадаць да выставы малюнкаў верш:

Маму вельмі я люблю

І сустракаю з радасцю.

Вось ідзе яна ў прытулак

І прыносіць сладасці —

Колькі радасці!

Хутка-хутка мы дадому

Разам вернемся.

Будзе ёй лёгка са мной,

У доме будзе весела.

Нашы выхаванцы спадзяюцца, што мамы, убачыўшы малюнкі на выставе, адчуюць і зразумеюць самыя патаемныя жаданні сваіх дзяцей. А самае галоўнае, самае важнае, самае патаемнае iх жаданне — быць побач з матуляй.

«Адукацыйная прастора»

Ганна ГРЫНКЕВІЧ, 
выхавальнік Гродзенскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

You may also like...